| 12 Июля 2011
З 19 ліпеня 2011г. у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47) пачне працаваць групавая выстаўка сучаснай беларускай фатаграфіі “Адлюстраванне”.
Выстаўка сучаснай беларускай фатаграфіі «Адлюстраванне» была спецыяльна падрыхтована да дней Рэспублікі Беларусь у Кіеве, Украіна (2010), дзе экспаніравалася ў галерэі “Лавра”. У Беларусі выстаўка была паказана ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава (2011).
“Фотамастацтва – агульнапрызнаны від сучаснага выяўленчага мастацтва, які стала прэтэндуе на пашырэнне межаў свайго ўздзеяння на гледача. Гісторыя сучаснай беларускай фатаграфіі з’яўляецца складанай, насычанай мастацкімі падзеямі, а яркія творчыя метады аўтараў неаднаразова адзначаліся крытыкай. Разам з тым, сам факт наяўнасці фотамастацтва ў Беларусі доўга самім мастацкім асяроддзем па абсалютна суб’ектыўных прычынах не прызнаваўся, хаця ў Заходняй Еўропе гэты від выяўленчага мастацтва канчаткова сфарміраваўся ў 1920-я гады. Сярэдзіна 1980-х гадоў была надзвычай важным пунктам адліку развіцця фотамастацтва Беларусі. З гэтага часу беларуская творчая фатаграфія ўдзельнічае ў міжнародных фотавыстаўках, а сама мастацкая сцэна Беларусі без наяўнасці фотамастакоў становіцца немагчымай.

Фотамастацтва спалучае выразныя сродкі традыцыйнага жывапісу і графікі з аптычнымі сродкамі і новымі тэхнічнымі дасягненнямі. Сама мастацкая фатаграфія знаходзіцца пад уздзеяннем асноўных стылёвых кірункаў выяўленчага мастацтва. Праявы фотамастацтва выкарыстоўваюцца як дадатковы ці зыходны матэрыял пры стварэнні твораў іншых відаў мастацтва, а таксама ў плакаце, кніжнай і часопіснай графіцы, рэкламе.

Развіццё беларускага фотамастацтва пачатку ХХІ стагоддзя характарызуецца шматграннасцю жанравых формаў, разнастайнасцю творчых метадаў і канцэптуальных падыходаў. Імёны вядомых беларускіх фотамайстроў Г. Ліхтаровіча, А. Клешчука, А. Адамчыка, В. Васільева, М. Раманюка, В. Качана, В. Шчукіна, І. Саўчанкі і інш. безумоўна займаюць важкае месца ў панараме выўленчага мастацтва Беларусі.

Сённяшнюю мастацкую фатаграфію адрознівае высокія эстэтычныя патрабаванні, тэхнічная разнастайнасць і дасканаласць. Мова фатаграфіі здаецца ўніверсальнай і шырокадаступнай па форме, але яна непазбежна аўтарская: камера толькі фіксуе позірк, рысы светаўспрымання – яе гаспадара. Выхадцы з Беларусі Я. Булгак, М. Напельбаўм, С. Юркоўскі, А. Прушынскі і інш. яшчэ напачатку стагоддзя ў еўрапейскай фотакультуры пакінулі заўважны след.

Аўтары, якія ўдзельнічаюць у экспазіцыі, імкнуцца падкрэсліць графічную своеасаблівасць здымка. Тыповымі элементамі твораў становіцца подпіс аўтара, выкарыстанне дадатковай апрацоўкі негатыва і адбітка, пашырэнне графічных камп’ютарных сродкаў.”
Міхаіл Баразна,
кандыдат мастацтвазнаўства


Міхаіл Баразна (Михаил Борозна)
Нарадзіўся ў 1962 Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Кандыдат мастацтвазнаўства. Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак. Удзельнік VIII Балтыйскай трыенале міжнароднага мастацтва. Член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза фатографаў.
Творы захоўваюцца ў прыватных і грамадскіх калекцыях Беларусі, Германіі, Італіі, Галандыі, Польшчы, Літвы, Аўстрыі.
Кацярына Кенігсберг (Екатерина Кенигсберг)
Нарадзілася ў 1965 г.
Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства».
Куратар выставак і міжнародных выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой.
Фотамастак. Член Беларускага саюза мастакоў.
Творы захоўваюцца ў прыватных і грамадскіх калекцыях Беларусі, Германіі, Расіі, Літвы, Аўстрыі.
Паліна Ляжанская (Полина Лежанская)
Нарадзілася ў 1983 г.
Скончыла Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «Фатаграфія», Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці.
Аспірантка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Юрый Пеўнеў (Юрий Певнев)
Нарадзіўся ў 1982 г.
Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.
Мастак-графік, фатограф.
Працуе канцэпт-мастаком у індустрыі камп’ютарных гульняў, удзельнічае ў конкурсах і выстаўках лічбавага жывапісу і фатаграфікі.
Валянціна Сідарава (Валентина Сидорова)
Нарадзілася ў 1956 г.
Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
Выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Мастак-графік, фотамастак. Удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак. Член Беларускага саюза мастакоў.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных калекцыях ЗША, Германіі, Італіі, Галандыі, Францыі, Расіі, Мальты, Польшчы, Швейцарыі, Беларусі.
Сяргей Торбік (Сергей Торбик)
Нарадзіўся ў 1987 г.
Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.
Пераможца ІІ сусветных Дэльфійскіх гульняў у намінацыі «Фатаграфія». Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх фотавыставак і фестываляў відэафільмаў.
Аляксандр Вафік (Александр Вафик)
Нарадзіўся ў 1982 г.
Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.
Удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх фотавыставак і конкурсаў.
Выстаўка працягнецца па 30 ліпеня 2011 года.
+375 17 288-24-68, аддзел выставак




Известный белорусский фотохудожник Олег Ильич Петров (1960-2012 г.г.) умер от сердечной недостаточности 13 мая в г. Гродно. Похороны состоятся 15 мая.


